КАНТЫНЕНТА́ЛЬНАЯ БЛАКА́ДА,

эканамічная палітыка Францыі ў адносінах да Вялікабрытаніі ў 1806—14. Абвешчана дэкрэтам імператара Напалеона I Банапарта ад 21.11.1806 з мэтай зламаць супраціўленне Вялікабрытаніі ў барацьбе за гегемонію ў Еўропе і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця франц. прам-сці. Саюзным і падуладным Францыі дзяржавам было забаронена весці гандаль, падтрымліваць паштовыя і інш. зносіны з Брыт. а-вамі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 да К.б. вымушана далучыліся Расія і Прусія. Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі большасць краін перасталі прытрымлівацца ўмоў блакады. Фармальна адменена ў сувязі з адрачэннем Напалеона I ад прастола (крас. 1814).

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)